Description
«Кніжны Вырай» абвяшчае новы збор! Мы далучыліся да міжнароднага друку, каб выдаць па-беларуску сусветны хіт – комікс «Хільда і Твіг» (Hilda and Twig), які атрымаў прэмію Айзнера. Дэдлайны суровыя, і нам вельмі патрэбна ваша падтрымка!
Хто мы такія? 📚
«Кніжны Вырай» – бібліятэка, якая вырашыла стаць выдавецтвам!
Калі мы з вамі яшчэ не знаёмыя, давайце гэта выправім. Мы — невялікая ініцыятыўная група, якая аднойчы сабралася разам з адной простай, але вельмі важнай мэтай: зрабіць кнігі на роднай мове дасяжнымі для беларусаў і беларусак Кракава. Мы пачыналі са стварэння ўтульнай бібліятэкі для нашай супольнасці, ладзілі розныя імпрэзы, і сёння нашыя паліцы налічваюць ужо больш за 800 кніг!
Але ў працэсе мы зразумелі адну рэч: проста збіраць кнігі нам ужо мала. Нам захацелася іх ствараць. Мы набылі першыя аўтарскія правы на пераклад і выдалі па-беларуску цудоўны комікс «Трымайся, трусік!».
І ведаеце што? Спыніцца аказалася проста немагчыма! Мы сціпла паабяцалі сабе: «Добра, будзем набываць правы і рабіць хаця б па адной кніжцы на год». Але панеслася! У 2026 годзе мы выдалі легендарную «Анатомію» Адама Кея, якая цяпер паспяхова распрадаецца. Таксама мы ўжо набылі правы і шчыруем над яшчэ адным цудоўным коміксам — «RED» Жазэфіны Марк. А цяпер... бяромся яшчэ і за сапраўдную зорку сусветных коміксаў!
Мы збіраем сродкі на выданне комікса «Хільда і Твіг» (Hilda and Twig) Люка Пірсана.
Гэты коміс – сапраўдны феномен!
- У 2025 годзе «Hilda and Twig» стала першым брытанскім коміксам, які атрымаў самую прэстыжную комікс-прэмію Айзнера ў катэгорыі «Найлепшая публікацыя для ранніх чытачоў».
- Анімацыйны серыял «Hilda», створаны на аснове графічных раманаў Люка Пірсана, выйшаў на Netflix у 2018 годзе. У 2021 годзе там жа выйшаў поўнаметражны фільм «Hilda and the Mountain King».
- Серыял мае тры сезоны і сабраў цэлы россып узнагарод: BAFTA, Emmy і Annie (IMDb паказвае 12 перамог і 14 намінацый!).
- Гісторыю пра дзяўчынку з сінімі валасамі і яе вернага сябра лісавоўка Твіга пераклалі і агучылі на дзясяткі моў: англійскую, французскую, нямецкую, італьянскую, іспанскую, польскую, японскую, кітайскую ды многія іншыя.
Свет ведае і любіць Хільду. Час дадаць да гэтага вялікага спісу беларускую мову!
Гэтым разам мы вырашыліся на складаную, але вельмі крутую мадэль — мы будзем друкавацца разам з іншымі замежнымі перакладамі! Гэта дазваляе зрабіць кнігу максімальна якаснай, з захаваннем усіх арыгінальных колераў і матэрыялаў, а таксама зніжае кошты друку для нас.
Але гэта моцна абмяжоўвае нас у часе. Дэдлайны вельмі суровыя: цалкам гатовы макет мы павінны здаць ужо ў студзені, а сама кніга пабачыць свет у сакавіку 2027 года!
Наша мэта – 10 000 злотых. Гэтая сума неабходная для таго, каб аплаціць:
- Аўтарскія правы на выданне.
- Друк накладу.
- Аванс за працу нашай цудоўнай каманды: перакладчыка, рэдактара, карэктара і вярстальшчыка (каб беларускія літары ідэальна ляглі ў аблочкі комікса).
Мы падрыхтавалі для вас класныя бонусы. Кожны ваш унёсак - гэта інвестыцыя ў беларускую культуру і ўпэўненасць у тым, што нашыя дзеці (і мы самі!) зможам чытаць найлепшыя сусветныя гісторыі на роднай мове.
Падтрымайце нас фінансава, раскажыце пра збор сябрам у сацсетках. Разам мы ўжо рабілі цуды, давайце зробім гэта зноў! ✨
З вялікай удзячнасцю,
Ваш «Кніжны Вырай»