Анатомія Адама Кея па-беларуску
Анатомія Адама Кея па-беларуску
Opis zrzutki
На сувязі «Кніжны Вырай» – бібліятэка, якая вырашыла стаць выдавецтвам! Калі мы з вамі яшчэ не знаёмыя, давайце гэта выправім. Мы – невялікая ініцыятыўная група, якая аднойчы сабралася разам з адной простай, але вельмі важнай мэтай: зрабіць кнігі на роднай мове дасяжнымі для беларусаў і беларусак Кракава.
Мы пачыналі са стварэння ўтульнай бібліятэкі для нашай супольнасці, ладзілі розныя імпрэзы, і сёння нашыя паліцы налічваюць ужо больш за 800 кніг!
Але ў працэсе мы зразумелі адну рэч: проста збіраць кнігі нам ужо мала. Нам захацелася іх ствараць. Мы набылі першыя аўтарскія правы на пераклад і выдалі па-беларуску цудоўны комікс «Трымайся, трусік!». І ведаеце што? Спыніцца аказалася проста немагчыма! Мы сціпла паабяцалі сабе: «Добра, будзем набываць правы і рабіць хаця б па адной кніжцы на год». І ўзяліся за пераклад легендарнай «Анатоміі» Адама Кея ...

📚 Што гэта за кніга
«Kay’s Anatomy» — сусветны бэстсэлер пра чалавечае цела, створаны пісьменнікам і былым медыкам Адамам Кеем і ілюстратарам-гумарыстам Генры Пакерам. Колькасць прададзеных асобнікаў «Анатоміі» разам з перакладамі на шматлікія мовы па ўсім свеце перавысіла мільён. Эх, вось бы беларускім кнігам такія продажы!
Мы ў «Кніжным выраі» вырашылі, што такая кніга не павінна заставацца без беларускага перакладу, таму рыхтуем да друку нашу версію! Ну, як нашу, яе падрыхтавала прафесійная каманда — перакладчыца, рэдактарка, карэктарка. Цяпер мы рыхтуем праект кнігі да друку і запрашаем вас падтрымаць наш праект!

Гэта не падручнік! Гэта кніга поўная гумару пра:
- мозг, сэрца, скуру, косці;
- бактэрыі, вірусы, брыдкасці і асаблівасці нашага цела;
- тое, пра што дзеці (а часам і дарослыя) па-сапраўднаму хочуць ведаць у стасунку да свайго цела, але не заўжды могуць запытацца.
Для каго кніга
- Для цікаўных дзяцей: якім хочацца ведаць, як працуе цела (і якія задаюць шмат нязручных пытанняў)
- Для дарослых: якія так і не атрымалі адказы на гэтыя пытанні ў сваім дзяцінстве.
- Для ўсіх, хто хоча прасунуцца ў анатамічнай лексіцы па-беларуску
💛 Пра беларускае выданне
- Прафесійны пераклад складанай анатамічнай тэрміналогіі са слоўнікам напрыканцы
- Мяккая каляровая вокладка, дзякуючы чаму кніжка важыць менш і яе лёгка перавозіць у валізцы і чытаць пад коўдрай з ліхтарыкам
- У сярэдзіне багата арыгінальных ілюстрацый Генры Пакера. Ілюстрацыі чорна-белыя
- Дробныя адаптацыі для беларускага чытача, але з захаваннем фірмовага гумару Кея
- Каля 400 старонак карыснай і захапляльнай інфармацыі

💸 На што грошы?
Нам трэба сабраць сродкі на:
- Ліцэнзію і роялці. Правы мы атрымалі амаль задарма, але мы мусім плаціць аўтару невялікі адсотак з кожнай прададзенай кнігі.
- Пераклад
- Рэдактуру/карэктуру
- Вёрстку
- Друк (наклад 300 шт.)
- Лагістыка і іншае (бухгалтэрыя, банкаўскія камісіі, упакоўка, абавязковыя экзэмпляры)

🤝 Як стаць часткай праекта?
Усё вельмі проста: падтрымайце нас праз гэтую зборку. Фактычна, ваш унёсак – гэта паўнавартасная перадзамова кнігі.
Што гэта дае вам? Гарантыю таго, што вы атрымаеце свежанькі асобнік «Анатоміі» ў ліку самых першых чытачоў, адразу як ён выйдзе з друкарні!
Што гэта дае нам? Жыццёва неабходную фінансавую падушку. Сабраныя сродкі пойдуць выключна на аплату самога друку і на тое, каб разлічыцца з камандай, якая ўжо выканала сваю вялікую працу над тэкстам.
📦 Важна: пра дастаўку
Калі вы знаходзіцеся ў Кракаве, мы з вялікай радасцю перададзім вам кнігу асабіста! Але калі вам патрэбна дастаўка ў іншы горад ці краіну, калі ласка, звярніце ўвагу: паштовыя выдаткі трэба будзе аплаціць дадаткова (яны не ўваходзяць у суму ўнёску за кнігу).
Чаму так? Наш папярэдні досвед з глабальнай рассылкай коміксаў «Трымайся, трусік!» быў цудоўным, але кошт паштовых паслуг ледзь не пусціў нас саміх па свеце без вопраткі =) Таму гэтым разам мы вельмі спадзяёмся на вашае разуменне і падтрымку!
🤝 Хочаце дапамагчы бясплатна? Гэта таксама магчыма! Перашліце інфармацыю знаёмым, раскажыце пра нас за гарбатай або напішыце пару цёплых слоў у нашых сацсетках. Чым больш людзей даведаецца пра «Анатомію Кея» па-беларуску, тым хутчэй яна пабачыць свет! ❤️
🕒 Калі чакаць кнігу
Вось наш графік:
- ☑️ пераклад – ужо гатовы
- ☑️ карэктура/рэдактура - зробленыя
- ☑️ вёрстка – зроблена
- ☑️ друк у тыпаграфіі – 4-6 тыдняў,
- ☑️ дастаўка папярэдніх замоў – чэрвень-ліпень
Як і з коміксам "Трымайся, Трусік!" мы маем намер расказваць нашым спонсарам, як ідзе праца, ці ёсць затрымкі і максімальна хутка дасылаць паасобнічкі, калі яны прыедуць з друкарні.
🤍
Чаму гэты праект важны для нас (і для вас)?
«Кніжны вырай» – гэта невялікая ініцыятыва. Мы (пакуль) не зарабляем на продажы кніг, за намі няма вялікіх спонсараў. Мы звычайныя эмігранткі, працуем не ў ІТ-сферы, і выцягнуць усе выдаткі на выданне кнігі самастойна для нас вельмі цяжка.
Але ў нас ёсць вялікая мара і справа, якая жыве ў самым сэрцайку: рабіць выдатныя сусветныя выданні даступнымі на беларускай мове. І мы ганарымся тым, што часам робім немагчымае: напрыклад, мы, зусім маленькія, змаглі набыць правы ў самога брытанскага гіганта Penguin Publishers! Мы ў шоку.
Каб гэтая кніга стала рэальнасцю, нам патрэбны мінімальны збор, які пакрые выдаткі на ліцэнзію, пераклад і друк. Кожная замоўленая вамі кніга — гэта ваша персанальная інвестыцыя ў дзіцячую навукпоп-літаратуру і падтрымка беларускай культуры ў не самыя простыя часы.
Oferty/licytacje 2
Organizatora:
Wyróżniona
"Анатомія для дзяцей" Адама Кея /Anatomia dla dzieci, język białoruski
60 zł
Kupione 19 z 100
Anatomia dla dzieci + komiks Trymajsia, Trusik!
120 zł
Kupione 4 z 40
Вельмі чакаем!